| Зайздросны дзядзька |
|
|
| Автор Administrator | |
| 03.11.2008 г. | |
|
Жылі два браты: адзін бедны, другі багаты. Бедны, паміраючы, сказаў сваім сынам-падлеткам: — Глядзіце на дзядзьку: што ён будзе рабіць, тое рабіце і вы. Так сыны і рабілі, як бацька навучыў. Добра сталі жыць браты. А дзядзька аж чарнее ад зайздрасці: гэтак, чаго добрага, пляменнічкі стануць багацейшыя за яго! Пайшоў аднаго разу да дзядзькі меншы брат даведацца, што ён заўтра будзе рабіць. А дзядзька і кажа: — Буду двор каля хлявоў капаць... Вярнуўся брат і расказаў старэйшаму, што іх дзядзька збіраецца рабіць. — Добра,— кажа брат,— будзем і мы двор капаць. Капнулі браты разоў колькі і знайшлі цудоўны камень — блішчыць, як сонца! Пакруцілі хлопцы камень у руках — не ведаюць, што гэта такое. — Занясём яго, бадай, пану,— кажа старэйшы брат.— Можа, ён ведае. Узяў пан камень і даў хлопцам за яго цэлы воз збажыны. Зажылі браты яшчэ лепш, чым раней. А дзядзьку яшчэ болыная зайздрасць грызе. — Скажыце,— пытаецца ён у хлопцаў,— чым гэта вы дагадзілі пану, што ён вам гэтулькі збажыны не пашкадаваў? — А нічым асаблівым,— кажа старэйшы брат.— Даведаліся, што пан вельмі любіць на абед жабаў. Ну, налавілі мы іх цэлую торбу ды і прынеслі яму як падарунак. За гэта ён нас і ўзнагародзіў. Пабег зайздросны дзядзька на балота, налавіў цэлы мех жабаў і павалок пану. Прыйшоў і кланяецца: — Добры дзень, панок! — Ну, што скажаш, Кузьма? — пытаецца пан. — Ды вось прынёс пану гасцінец. — Які гасцінец? — Такі, як пляменнікі прыносілі. Хачу таксама мець ад пана ўзнагароду. Развязаў Кузьма мех і высыпаў на панскі стол свой гасцінец... Пан так і падскочыў разам з крэслам. — Ах ты, нягоднік! — закрычаў ён.— Дык ты з мяне жартаваць надумаўся? Гэй, слугі! На стайню яго! Схапілі панскія слугі прагнага дзядзьку, пацягнулі на стайню ды так яго ўзнагародзілі, што ён ледзьве ачухаўся. |
| « Пред. | След. » |
|---|







