Библиотека детской литературы
 
Главная arrow Народные сказки arrow Сказки на белорусском языке arrow Бацькаў дар
19.05.2012 г.
Главное меню
Главная
Контакты
Поиск
Карта сайта
Архив
Песенки
Стихотворения
Рассказы
Авторские произведения
Народные сказки
Абхазские сказки
Аварские сказки
Австралийские сказки
Австрийские сказки
Адыгейские сказки
Албанские сказки
Английские сказки
Ангольские сказки
Армянские сказки
Афганские сказки
Башкирские сказки
Белорусские сказки
Болгарские сказки
Боснийские сказки
Бразильские сказки
Бурятские сказки
Венгерские сказки
Вьетнамские сказки
Греческие сказки
Грузинские сказки
Дагестанские сказки
Датские сказки
Египетские сказки
Индейские сказки
Индийские сказки
Индонезийские сказки
Ирландские сказки
Исландские сказки
Испанские сказки
Итальянские сказки
Кабардинские сказки
Казахские сказки
Кампучийские сказки
Карельские сказки
Кенийские сказки
Китайские сказки
Корейские сказки
Латышские сказки
Литовские сказки
Мавриканские сказки
Македонские сказки
Мексиканские сказки
Молдавские сказки
Мордовские сказки
Нанайские сказки
Немецкие сказки
Ненецкие сказки
Непальские сказки
Нивхские сказки
Норвежские сказки
Осетинские сказки
Пакистанские сказки
Польские сказки
Португальские сказки
Румынские сказки
Русские сказки
Сербские сказки
Словенские сказки
Таджикские сказки
Татарские сказки
Узбекские сказки
Украинские сказки
Финские сказки
Французские сказки
Хорватские сказки
Чеченские сказки
Швейцарские сказки
Шотландские сказки
Эстонские сказки
Японские сказки
Последние комментарии
  • Очень понравилось а кстати У Лены есть еще платоче...
  • Я знаю как он опять стал красавцем а его отец и ма...
  • Почему она крошку швернула на пол в дальний угол? ...
  • :oops: :lol: Я прочитала. Хорошая сказка))
  • Очень понравилось хоть и читала но утки небыло 100...

мультфильмы бесплатно
Бацькаў дар Печать E-mail
Автор Administrator   
04.11.2008 г.
Жыў сабе на свеце адзін добры чалавек. Было ў яго тры сыны — два разумныя, а трэці Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся; сем'і завялі, а Іван усё на печы ляжыць ды на жалейцы іграе.

Прыйшла пара бацьку паміраць. Сабраў ён сыноў і кажа ім:

— Сыны мае родныя, сыны мае любыя! Багацця вялікага я вам не пакідаю, але прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. I як прыйдзеце, то скажыце: «Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!» Вось і ўсё.

Сказаў ён гэта сынам, згарнуў рукі і памёр.

Пахавалі сыны бацьку. Ну, трэба старэйшаму ісці на магілу начаваць. А яму боязна, ды і жонка не пускае: «Куды ты пойдзеш, яшчэ загінеш там! Што я тады адна рабіць буду?»

Але ж нядобра не паслухаць бацькавай просьбы.

— Пашлі за сябе Івана,— раіць жонка.— З ім калі што і здарыцца, дык ніхто шкадаваць не будзе.

Старэйшы брат пачаў прасіць Івана:

— Схадзі, братка, за мяне на бацькаву магілу...

А Іван, лежачы на печы, адказвае:

— Што я — дурань хадзіць за другіх? Прыйдзе мая чарга, тады і пайду.

Брат ледзь не плача:

— Схадзі, Іванка! Бачыш, жонка мяне не пускае...

I ўгаварыў-такі.

— Ну, добра,— згадзіўся Іван,— скажы толькі жонцы, каб пашыла торбу вялікую і палажыла ў яе два боханы хлеба. Я там хоць хлеба ўволю наемся, а то дома вашы жонкі мне есці не даюць.

Пашыла жонка старэйшага брата вялікую торбу і палажыла туды два боханы хлеба. Узяў Іван торбу ды пайшоў на бацькаву магілу. Прыйшоў і сказаў, як бацька вучыў:

— Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!

Усё так і сталася. Падняўся бацька, паглядзеў на Івана і кажа:

— А дзе ж мой старэйшы сын?

— Ён, бачыш, баіцца цябе, дык мяне прыслаў,— адказвае Іван, уплятаючы лусту хлеба.

— Ну што ж,— уздыхнуў бацька,— тады яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: у зялёных лугах, на шаўковых мурагах пасецца конь сівай масці, з залатою грываю. Дзень пасецца, ноч гуляе, а як крыкне добры маладзец — ураз да яго прыбягае. Калі ён табе патрэбен будзе — крыкні-свісні поўным голасам, і конь стане перад табою, як ліст перад травою. А як нацешышся з яго, зноў пусці ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі.

Сказаў так бацька, лёг у труну — магіла ўслед і закрылася.

Адышоўся Іван ад магілы, крыкнуў-свіснуў поўным голасам — прыбягае да яго конь сівай масці, з залатою грываю.

Стукнуў конь капытамі:

— Што, Іван Іванавіч, загадаеш?

— Хачу на табе пракаціцца.

— Калі ласка!

Сеў Іван на каня і паляцеў. Тры разы свет абляцеў і да зямлі не дакрануўся. Прымчаўся на старое месца.

— Хопіць,— кажа каню,— нацешыўся! А цяпер бяжы ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. Дзень пасіся, ноч гуляй, а як крыкну я — да мяне прыбягай!

Пусціў каня, а сам торбу на плечы і пайшоў дахаты. Залез на печ, ногі на жэрдку закінуў ды іграе сабе на жалейцы. Разумныя браты дзівяцца: «Бач ты, нічога з ім і не сталася!»

Прыйшла другая ноч — трэба сярэдняму сыну на бацькаву магілу збірацца. Пачаў ён Івана ўпрошваць:

— Схадзі, братка, і за мяне...

— Што я — парабак вам! — злуецца Іван.— Табе трэба, ты і ідзі!

Тут і братава жонка да яго прыстала:

— Зрабі, Іванка, ласку: схадзі за брата на бацькаву магілу!

— Ну, добра,— згадзіўся Іван.— Давайце два боханы хлеба!

Спакавалі яму торбу, ён і пайшоў. Прыйшоў на магілу, сказаў, што трэба. Бацька падняўся і зноў дзівіцца:

— Чаму ж сярэдні мой сын не прыйшоў наведаць мяне?

— Ён баіцца цябе,— адказаў Іван,— дык і не прыйшоў.

— Ну што ж,— уздыхнуў бацька,— тады і яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Дык ён таксама будзе табе служыць.

Абляцеў Іван два разы свет на кані гнедай масці і вярнуўся дахаты.

На трэцюю ноч прыйшла яго чарга. Пайшоў ён на бацькаву магілу. Падняўся бацька і кажа:

— Шкада мне цябе, сынок: ты ўсё адзін да мяне ходзіш... Ну, дык няхай і трэці, самы маладзейшы, конь служыць табе. А пасецца ён у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах і масці ён буланай. А цяпер больш да мяне не хадзі.

Сказаў гэта бацька, лёг у труну, і магіла закрылася.

Абляцеў Іван адзін раз свет і на кані буланай масці. Потым вярнуўся дахаты, лёг на печы ды іграе на жалейцы.

— Вось,— дзівяцца разумныя браты,— наш дурань нідзе не прападзе! Але цяпер ужо хлеба мы яму не будзем даваць па два боханы на дзень — хопіць яму і заціркі!

Тым часам у тым царстве ўздурылася ад нечага рабіць малодшая царская дачка: залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенца і абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе. Тут усе, хто хацеў узяць сабе за жонку царскую дачку, кінуліся ў сталіцу. А іншыя пайшлі ды паехалі тое дзіва глядзець.

Разумныя браты кажуць:

— Давай і мы паедзем дзіва глядзець. Пачалі яны збірацца. Іван просіцца:

— Вазьміце і мяне з сабою. Мне таксама хочацца дзіва паглядзець.

— Куды табе ехаць? — смяюцца браты.— Там і без такіх дурняў абыдуцца. А калі надакучыла на печы ляжаць, дык дамо табе работу.

Узялі яны два гарцы маку і два гарцы пяску, змяшалі ў кучу і кажуць:

— Пакуль мы вернемся, каб усё гэта перабраў: мак — асобна, пясок — асобна.

Засумаваў Іван, ды што зробіш. Усыпаў ён мак з пяском у торбу, лёг на печы і ляжыць. Торбу на чарэнь палажыў: няхай сохне.

Мінуў, можа, тыдзень ці два, злез Іван з печы, перасыпаў мак з пяском у лубянку, торбай накрыў ды пайшоў са сваім дабром за цёмны лес у чыстае поле. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівай масці, гнедай масці, буланай масці.

— Што скажаш нам, гаспадар?

— Коні мае добрыя, коні мае любыя: чутка пайшла, што ў царскай сталіцы дзіва дзіўнае творыцца. Уздурылася малодшая царская дачка, залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенцаі абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго замуж пойдзе. Ці не маглі б вы мяне туды завезці тое дзіва паглядзець?

— Можна,— адказвае конь сівай масці.— Але паедзеш ты цяпер на самым малодшым з нас — на буланым.

Выйшаў буланы конь наперад, махнуў грываю і кажа:

— Лезь мне, Іване, у правае вуха, праз левае вылезь.

Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез і стаў такім малайцом, што ні царэвіч, ні каралевіч не дакажа. Сеў ён на каня. Конь стукнуў капытамі і паляцеў.

Доўга ляцеў ён ці коратка, аж вось і сталіца. Там ужо ўсе пазбіраліся дзіва глядзець. I браты Іванавы збоку стаяць, раты паразяўлялі.

Тут буланы конь як скокнуў з разгону, дык, можа, на які локаць усяго і не даскочыў да царэўны. Апусціўся на зямлю за церамам ды віхрам памчаўся далей. Быў і няма! Усе аж ахнулі, і царэўна ахнула: «Лавіце, лавіце яго!»

Прымчаўся конь на старое месца. Іван улез яму ў левае вуха, праз правае вылез, стаў такім, як быў, ды кажа:

— Дзякую, конь мой добры! Паглядзеў і я царэўну. А цяпер памажы мне зрабіць яшчэ адну работу: перабраць два гарцы маку і два гарцы пяску...

Конь кажа:

— Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак.

Іван так і зрабіў. Як дзьмухнуў конь ноздрамі, дык мак апынуўся на адной посцілцы, а пясок на другой.

Згарнуў Іван посцілкі, падзякаваў каню ды пайшоў дахаты. А ў лубянку назбіраў па дарозе грыбоў.

Дома братавыя напалі на яго:

— Дзе ты, дурань, ходзіш? Ці перабраў ты мак? Будзе табе ад братоў, як вернуцца!

— А няхай вас качкі стопчуць! — кажа Іван.— Перабраў і мак і яшчэ во грыбоў прынёс. А вы ўсё кажаце, што я нічога не раблю.

Прыязджаюць неўзабаве са сталіцы і разумныя браты.

— Што там было, што рабілася! — расказваюць жонкам.— Але ніхто і да другога яруса не мог падняцца. Толькі адзін нейкі царэвіч на кані буланай масці чуць да царэўны не даскочыў. Яму б яшчэ з локаць вышэй... Эх, шкада! А такі прыгожы царэвіч быў, нават сама царэўна ахнула ды закрычала: «Лавіце, лавіце яго!» Ды дзе там!

А Іван ляжыць на печы, пасміхаецца:

— Ці не я гэта там быў? Браты зашыкалі на яго:

— Маўчаў бы ты, дурань!

Праз нейкі час царэўна зноў аб'яву дае, каб усе з'язджаліся ў сталіцу. А сама села ўжо ля акенца чацвёртага яруса.

Сабраліся ехаць і разумныя браты.

— Вазьміце і мяне з сабою! — просіцца Іван.

— Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе, работы дома няма? От мы табе дамо работу.

Узялі браты тры гарцы пяску і тры гарцы маку, змяшалі ўсё і загадалі Івану перабраць, пакуль яны вернуцца.

Пачакаў Іван колькі часу, высыпаў мак з пяском у лубянку, узяў дзве посцілкі і пайшоў за цёмны лес, у зялёныя лугі. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбеглі да яго добрыя коні.

— Чаго клікаў нас, гаспадар?

— Ды так і так,— кажа Іван,— зноў царэўна аб'яву дала, каб усе ў сталіцу ехалі. Ці не можна б і мне паехаць тое дзіва паглядзець?

Сівы конь адказвае:

— Добра. Але цяпер ты паедзеш на гнедым.

Ну, Іван зрабіў тое, што трэба, сеў маладзец-малайцом на гнедага каня і паляцеў у сталіцу. Усе ехалі туды па месяцу, па два, а ён за гадзіну дамчаўся. I паспеў якраз. Гнеды конь як сігануў, дык толькі на паўлокця да царэўны не даскочыў...

Царэўну цікавасць узяла: хто ж гэта такі той храбры царэвіч, што і другі раз ледзь не даскочыў да яе? Вось па некаторым часе дае яна трэцюю аб'яву, а сама залазіць на пяты ярус. I на гэты раз зноў з'ехаліся туды ўсе цары і царэвічы, каралі і каралевічы, усе паны і дваране. Паехалі і разумныя браты, пакінуўшы Івану работу: чатыры гарцы маку з пяском перабраць.

Вылежаўся Іван на печы, узяў мак з пяском ды пайшоў да сваіх коней.

— Ці не можна было б яшчэ разок з'ездзіць у сталіцу? — кажа коням.

— Можна то можна,— адказаў сівы конь.— Але цяпер ужо ты паедзеш на мне самім. Калі і я не даскочу да царэўны, дык больш і гаварыць аб гэтым не будзем.

Зрабіў Іван усё, што трэба, сеў на каня, свіснуў-крыкнуў і паляцеў у сталіцу. Гадзіны не мінула, а ён ужо там апынуўся.

— Ну, трымайся! — крыкнуў яму сівы конь.

Заржаў сівы конь на ўсю сталіцу, узвіўся ўгору і даскочыў да самай царэўны. А царэўна — стук, стук — і паставіла Івану дзве свае пячаткі: адну на лоб, другую — на патыліцу. Конь спусціўся на зямлю ды памчаўся прэч. Усе крычаць: «Лаві, лаві!» А лавіць і няма каго: тут быў — тут няма...

Прымчаўся Іван назад, папрасіў каня, каб перабраў мак, і пусціў яго ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. А сам насунуў шапку на самыя вушы, каб пячаткі не відаць былі, ды пайшоў дахаты. Па дарозе зноў назбіраў лубянку грыбоў.

Прыехалі браты, пачалі жонкам пра дзіва расказваць:

— Што там было, што рабілася! Усе скакалі, але і да другога яруса не даскочылі, а адзін царэвіч — прыгожы такі, увесь у золаце — як сігануў, дык да самай царэўньі даскочыў, а яна яму пячаткі свае на лоб і на патыліцу паставіла.

Іван слухае з печы ды смяецца:

— Ці не я гэта там быў?

— Сціхні, дурань! — зашыкалі на яго браты.— Не з тваім розумам і спрытам зрабіць такое! Ці перабраў ты хоць мак?

— Перабраў,— адказвае Іван,— няхай вас з вашым макам! Клопат адзін, ды і толькі.

Паглядзелі браты, і дзіва іх узяло: як гэта можна было гэтулькі маку з пяску выбраць?

— То, відаць, хапіла табе работы! — кажуць.

Тым часам царэўна дала аб'яву, каб з'явіўся да яе жаніх. Перш-наперш паклікала да сябе ўсіх царэвічаў і каралевічаў. Агледзела — няма жаніха! Тады паклікала паноў і купцоў — таксама няма! Прыйшла чарга і да іншых — мужыкоў ды парабкаў. Усіх загадала збіраць.

— Ну,— кажа Іван да братоў,— раней я прасіўся, каб вы ўзялі мяне, а цяпер пайду і без вас!

Узяў сваю жалейку, торбу за плечы і пайшоў за цёмны лес, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней.

— Коні мае добрыя,— кажа Іван,— загадала царэўна з'явіцца на яе вочы ўсім мужыкам ды парабкам. Ці не можна і мне паехаць да яе?

Сівы конь адказвае:

— Цяпер ты зноў паедзеш на малодшым з нас. I едзь такім, як ёсць.

А буланаму каню дае наказ:

— Завязі ты яго, братка, да лазні, што каля царскага палаца стаіць, і пакінь там. А ты,— кажа да Івана,— залезь у лазні на палок ды іграй на жалейцы. Цябе знойдуць, як трэба будзе.

Як бачыш замчаў яго буланы конь да лазні. Увайшоў Іван у лазню, залез на палок ды іграе сабе на жалейцы.

Тым часам царэўна са служанкаю ўсіх мужыкоў ды парабкаў перагледзелі — няма жаніха! Аж раптам чуюць: нехта ў лазні іграе, ды так хораша, што люба слухаць. Пайшлі туды, адчынілі, бачаць — ляжыць на палку хлапец, абадраны, абшарпаны, шапка на лоб насунута... I так іграе на жалейцы, што ногі самі ў скокі ідуць. Падышла да яго царэўна, зняла падраную шапку, глядзіць, аж яе пячатка на лбе! Паглядзела на патыліцу — і там яе пячатка!

— Ну,— кажа яна Івану,— гэта ты мой жаніх! Хадзем да бацькі.

Узяла яго за руку і вядзе, а Іван упіраецца:

— Куды я пайду! Каб з мяне там насмяяліся?

Прывяла яго сяк-так царэўна ў харомы. Бацька як убачыў, давай плявацца:

— Каго гэта ты сабе за мужа выбрала?! Дачка кажа:

— Але ж на ім мае пячаткі,— значыцца, ён мой суджаны муж. Такі мой лёс. Нічога не зробіш...

Хоць не хоць — прыйшлося гуляць вяселле. Стаў Іван царскім зяцем.

А было ў таго цара яшчэ два зяці, што на старэйшых дочках пажаніліся. Тыя, вядома, з князёў ды каралёў былі. Вось сабраў аднойчы цар сваіх багатых зяцёў і кажа:

— Я ўжо стары, і смерць мая не за гарамі. Каму ж з вас царства перадаць?

— Мне! — кажа адзін зяць.

— Не, мне! — кажа другі.

I так заспрачаліся, што ледзь не да бойкі справа даходзіць. Тады цар кажа:

— Вось што, зяці мае любімыя: ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна хоць самому цару есці. Каторы з вас дастане тую свінку і прывядзе ў мой палац, таму ўсё царства адпішу!

Тут зяці, доўга не думаючы, узялі па палку салдат і з музыкай паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку.

Кажа царская дачка свайму мужу:

— Швагры твае вунь паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку, а ты што сабе думаеш? Ім бацька ўсё царства адпіша, а мы як жыць будзем?

— Нікуды я не паеду! — адказвае Іван.— Выдумалі ліха ведае што — нейкую свінку! Дзе яе возьмеш?

Жонка заплакала, а Іван узяў сваю жалейку ды і пачаў іграць.

Мінула так з месяц ці больш, тады Іван кажа да жонкі:

— Схадзі да бацькі, папрасі ў яго якой-небудзь заваляшчай кабылкі: паеду і я свінку шукаць.

— Дурань ты,— кажа жонка,— швагры ўжо, можа, даўно знайшлі яе ды вязуць дамоў, а ты цяпер толькі надумаўся ехаць!

— Няхай сабе! Схадзі да бацькі. А калі не дасць, дык я пехатою пайду.

Пайшла жонка да бацькі.

— Татулька,— кажа,— просіць мой Іван хоць якой заваляшчай кабылкі: хоча і ён па свінку ехаць.

Цар пасмяяўся, але кабылку даўХ Сабраўся Іван, сеў на кабылку задам наперад ды паганяе.

— Глядзіце,— дзівяцца царскія слугі,— дурны па-дурному і едзе!

Выехаў ён за горад і пусціў кабылку ваўкам на спажыву. А сам як крыкне, як свісне — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівы, гнеды, буланы.

— Што скажаш нам, гаспадар?

— Ах, коні мае добрыя! — кажа Іван.— Ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна самому цару есці! Ці не можам мы яе дастаць?

— Можам! — адказвае сівы конь.— Паедзеш ты па свінку на малодшым з нас. Але вам трэба ўзяць з сабою шаўковы шнурок і раменны бізун.

— Дзе ж мне іх узяць? — пытаецца Іван.

— Пачакай крышку.

Узвіўся сівы конь і паляцеў у зялёныя лугі. Праз хвіліну прылятае з раменным бізуном і шаўковым шнурком.

— Вось табе ўсё, што трэба. Толькі, глядзі,— лупі свінку гэтым бізуном не лянуючыся, пакуль не здасца, а ты, буланы, дратуй яе капытамі.

Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез, стаў добрым малайцом, сеў і — толькі яго і бачылі.

Ці доўга ляцелі яны, ці коратка, аж прылятаюць у тую краіну, дзе жыве свінка — залатая шчацінка. Глядзіць Іван, а яна і праўда: лычам арэ, нагамі барануе... Падкраўся ён да свінкі ды давай бізуном яе хвастаць. Конь капытамі дратуе, а ён бізуном хвошча. Свінка цярпела, цярпела, ды моцы не стала.

— Ах,— кажа,— заморскі царэвіч Іван Іванавіч, за што ты мяне забіваеш?

— Здавайся,— крычыць Іван,— бо не пушчу цябе жывую!

I датуль біў яе, пакуль свінка не здалася. Зашмаргнуў тады Іван ёй на шыю шаўковы шнурок, сеў на буланага каня і паехаў, а свінка ззаду бяжыць.

Едзе так, едзе, бачыць — насустрач два палкі салдат ідуць, музыка іграе. «Ну,— думае Іван,— гэта, напэўна, швагры мае яшчэ па свінку едуць». Улез ён буланаму каню ў левае вуха, праз правае вылез і стаў такім, як быў. Каня пусціў, а свінку за шнурок да дуба прывязаў. Свінка тая і давай сваёю работаю займацца: лычам арэ, нагамі барануе...

Расклаў Іван у дубняку цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе.

Пад'язджаюць швагры бліжэй, бачаць — з дубняку дымок уецца. Кажуць яны сваім слугам:

— Пайдзіце паглядзіце, хто там дыміць. Слугі пайшлі, аб усім даведаліся, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.

— Ну, што там? — пытаюцца швагры.

— Ды гэта ж,— кажуць слугі,— наш дурань дыміць там. Ён ужо і свінку тую вядзе.

— Не можа быць! — дзівяцца швагры.— Пойдзем самі паглядзім. I калі што, дык выпрасім у яго свінку або адбярэм.

Прыходзяць у дубняк, глядзяць — і праўда: сядзіць Іван ля цяпельца, на жалейцы іграе, а свінка каля дуба сваю работу спраўляе...

— Добры дзень, швагер!

— Добры дзень!

— Дык гэта ты ўжо раней за нас і свінку дастаў?

— Я адну толькі дастаў,— адказвае Іван,— а там іх цэлая чарада: хопіць і вам.

— Што ты хлусіш, швагер! Такая толькі адна і ёсць на свеце. Аддай ты нам гэтую свінку.

А Іван стаіць на сваім:

— Гэта мая свінка, і я сам павяду яе цесцю.

Швагры ж як прысталі да яго — не адчапіцца. «Мы табе,— кажуць,— і тое дамо, і гэтае...» Надакучыла Івану слухаць іх, ён і кажа:

— Ну, ліха з вамі: калі адрэжаце па мезеным пальцы з правай нагі, то бярыце яе сабе.

Падумалі швагры і згадзіліся: што ж, мезены палец варты палавіны царства! Адрэзалі яны пальцы, узялі свінку — залатую шчацінку і вясёлыя павялі яе ў сталіцу.

А Іван палажыў пальцы ў сваю каліту, пагрэўся яшчэ трохі каля цяпельца, потым клікнуў буланага каня, сеў на яго і памчаўся. Швагры ехалі, можа, з месяц, а Іван — за адзін дзень справіўся. Прыехаў да горада, буланага пусціў у зялёныя лугі, а сам да жонкі пайшоў.

Убачыла яго жонка без нічога, рукамі пляснула:

— Дзе ж ты бацькаву кабылку падзеў?

— Ды, бачыш,— кажа Іван,— дрэнная кабылка трапілася: прыстала ў дарозе... Ну, я кінуў яе і сам пехатою вярнуўся.

Жонка ў плач:

— Ох, ліханька з табою: выпрасіла ў бацькі кабылку, а ты яе страціў і свінкі не прывёў...

Вось праз нейкі час вярнуліся і швагры са свінкаю. Прывязалі яе на дзядзінцы каля царскіх харомаў. Свінка і пачала дзівы вырабляць: лычам арэ, нагамі барануеУа за ёю гатовыя пірагі растуць...

Колькі тут было радасці і шваграм і цару! Паклікаў цар гасцей — паноў ды князёў — дзіва глядзець. Бо ніводзін цар такой свінкі не мае!

Раз'ехаліся госці, а швагры пайшлі да цесця прасіць, каб царства ім адпісаў. Цар падумаў і кажа:

— Не, за адну свінку царства не адпішу. Ёсць у адным царстве, у адной старане, дзіва-кабыліца — з ноздраў яе полымя шугае, з вушэй дым валіць. Пасецца яна ў зялёных лугах, на шаўковых мурагах. I вартуюць яе дванаццаць коней з залатымі грывамі. Калі вы тую кабыліцу з коньмі зловіце і прыведзяце да мяне, тады адпішу вам царства.

Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу!

Набралі яны яшчэ больш войска і паехалі.

Жонка зноў прыстае да Івана:

— Швагры твае вунь па кабыліцу паехалі, а ты дома сядзіш! Бацька ім усё царства адпіша, а мы як жыць будзем?

— Э,— кажа Іван,— куды мне ехаць? Што ў мяне войска сваё, ці што? Пражывём як-небудзь і без царства!

Мінула колькі часу, Іван зноў просіць жонку:

— Схадзі да бацькі: ці не дасць ён мне яшчэ адной кабылкі? Паеду і я за шваграмі.

— Што ты, дурань, вярзеш? Швагры, пэўна, ужо назад варочаюцца з кабыліцай, а ты толькі збіраешся.

— А калі варочаюцца, дык і я з імі вярнуся. Бяда вялікая!

— Мне брыдка перад бацькам,— кажа жонка,— зноў дарэмна кабылку страціш. Што я тады скажу яму?

— Страчу дык страчу. Бацька твой праз гэта не збяднее.

Пайшла яна да бацькі і выпрасіла яшчэ адну кабылку. Сеў Іван на кабылку, ад'ехаўся крыху ад горада ды пусціў яе ваўкам на спажыву. А сам крыкнуў-свіснуў, і сталі перад ім яго добрыя коні. Расказаў Іван коням пра дзіўную кабыліцу.

— Дык гэта ж наша маці! — усклікнуў сівы конь.— I там цяпер не дванаццаць вартаўнікоў каля яе, а дзевяць, бо мы табе служым. Цяжкую задачу ты загадаў нам, гаспадар. Ды паспрабуем памагчы табе. Ідзі ты да свайго цесця і папрасі ў яго дзедаўскага бязмена.

Вярнуўся Іван у харомы, выпрасіў у цара дзедаўскі бязмен на дванаццаць пудоў. Узяў яго ў рукі і махае, як трысцінкай. Цар дзівіцца:

— Дурань, а дуж! Глядзі ты яго! Прыйшоў Іван зноў да сваіх коней.

— Цяпер,— кажа сівы конь,— я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. А я гэтым часам буду каля яе лятаць і прасіць: «Матухна, здавайся, бо мой гаспадар вельмі ж злосны: заб'е цябе бязменам...»

Ну, так усё і сталася, як сівы конь сказаў.

Злаўчыўся Іван, сеў на кабыліцу, а тая падняла яго пад самыя нябёсы... Насіла, насіла — не скідаецца Іван: сядзіць на спіне, як прырос, ды дванаццаціпудовым бязменам лупіць яе паміж вушэй.

Стамілася кабыліца і кажа:

— Трыццаць тры гады жыву, а ніхто яшчэ не ездзіў на мне! Хто ты такі?

— Гэта, матухна, наш гаспадар,— адказвае за Івана сівы конь.— Здавайся, бо ён надта сярдзіты: заб'е цябе.

— Ну, што ж,— уздыхнула кабыліца,— хадзіла я па волі, а цяпер давядзецца хадзіць пад няволяй. Чакай, Іван Іванавіч, перастань біць мяне.

— Вось так бы даўно і сказала, а то мне рука забалела дубасіць цябе,— кажа Іван.

Едзе Іван на кабыліцы назад у сваё царства, а за ёю дзевяць коней ідзе і дзесяты Іванаў сівы конь.

Едзе ён, аж бачыць: насустрач войска валіць, музыка іграе. «Гэта, напэўна, швагры мае»,— думае Іван. Пусціў ён свайго сівага каня ў зялёныя лугі, расклаў цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе.

Убачылі швагры дымок. Пасылаюць слуг даведацца, хто там дыміць. Пайшлі слугі, усё разгледзелі, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.

— Ну, хто там? — пытаюцца швагры.

— Ды гэта ж дурань наш кабыліцу вядзе, і каля яе дзевяць коней з залатымі грывамі бегае.

— Як дзевяць? Цесць жа казаў — дванаццаць!

— Не, толькі дзевяць.

— То пойдзем самі паглядзім. Прыходзяць:

— Здароў, швагер!

— Здаровы былі!

— Што, кабыліцу вядзеш?

— Ага, там іх шмат пасецца. Я сабе толькі адну ўзяў і дзевяць коней у прыдачу.

Швагры пераглянуліся, пакруцілі галовамі:

— Годзе, швагрусь, табе смяяцца з нас! Гэта ж тая кабыліца, пра якую бацька казаў.

— Ды не, не тая,— не здаецца Іван.— Ваша вам засталася. Я чужых не бяру.

— Няхай сабе і так,— кажуць швагры,— але ты нам пераступі гэтую. Мы табе што хочаш дамо.

I як пачалі прасіць — рады няма. Здаўся Іван і кажа:

— Добра, бярыце, але адрэжце мне за яе па мезеным пальцы з правай рукі.

Шкада шваграм пальцаў, ды Іван на сваім стаіць. Параіліся швагры між сабою.

— Што ж,— кажуць,— дактары ў нас свае, лекі свае,— як бачыш усё загоіцца: адрэжам па пальцу!

Вярнуўся Іван дадому, як і першы раз, ні з чым.

— Скажы хоць, дзе ты бацькаву кабылку падзеў? — пытаецца жонка.

— Як дзе? Здохла! Што ж ты думаеш: сам ехаў ды яшчэ бязменішча гэткі вёз...

Праз колькі часу прыводзяць швагры тую кабыліцу. Рады, што і не выказаць: вядома, царства цяпер ім будзе!

Тут ужо трэба цару паперу пісаць — царства зяцям перадаваць.

— Не,— кажа цар,— я перадумаў. Не ўсё яшчэ вы зрабілі. Ёсць у адным царстве, у адной старане, за сінімі марамі, за высокімі гарамі леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч, дванаццаць чалавек ваду са студні цягаюць; леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу і са скаціны ў сябе ўбірае. Калі вы гэтага льва дастанеце і прыведзяце ў наша царства — усё ваша будзе!

Падумалі швагры: «Можа, дурань і гэтага льва дастане, а мы ўжо як-небудзь у яго вымарачым».

— Добра,— кажуць,— прывядзём ільва! Сабраліся і паехалі. А жонка напала на Івана:

— I што ты, дурань, сабе думаеш? Ляжыш толькі ды на жалейцы іграеш. Бачыш, швагры вунь па льва паехалі. Бацька ім усё царства адпіша, а мы з табою жабраваць пойдзем!

— Ах, любая жонка,— кажа Іван,— хіба ж людзі не жабруюць? Неяк будзем жыць і мы.

Жонка на гэтым і супакоілася.

Вось пражылі яны з месяц ці два, Іван зноў просіць жонку, каб ішла да бацькі па кабылку.

— Не,— кажа жонка,— цяпер ужо не пайду. Калі хочаш — выпраўляйся пехатою: усё роўна адзін з цябе толк!

Іван спрачацца не стаў, развітаўся з жонкаю ды рушыў у дарогу. Выйшаў у чыстае поле, паклікаў коней. Сівы конь і кажа:

— Цяпер ты паедзеш на гнедым. Як пад'едзеш да сталіцы, каня пускай, а сам ідзі да студні і скажы, што ты адзін бярэшся льва паіць. А калі цар нойме цябе, дык не спі ў шапку. Вось табе малаток — ён любы ланцуг разаб'е...

Ці доўга Івану — гадзіны за тры апынуўся ён каля студні.

— Добры дзень, малайцы! — прывітаўся Іван да работнікаў, што ваду чэрпалі.

— Добры дзень!

— Цяжка вам тут працаваць?

— Ой цяжка!

— Дык давайце я за вас адзін буду льва паіць.

— Што ты! — адказваюць работнікі.— Нас дванаццаць і то не спраўляемся.

— Нічога, я спраўлюся. Далажыце вашаму цару.

Пайшоў старшы работнік, далажыў цару. Цар зарадаваўся: аднаму менш плаціць трэба.

— Пастаўце яго,— кажа цар,— на тры дні: справіцца адзін, тады і дамаўляцца будзем.

Работнікі адышліся ад студні, а Іван ухапіўся за работу. I так у яго гладка пайшло, што лепш і не трэба.

Старшы работнік пабег да цара.

— Дзіва! — кажа.— Леў не паспявае ўсяе вады выпіць, што ён адзін падае.

— Ну што ж,— кажа цар,— паглядзім яшчэ, як заўтра будзе.

Уночы Іван кажа льву:

— Ведаеш што: давай уцячом адгэтуль. У маім царстве табе лепш будзе.

I так расхваліў ён сваё царства, што леў згадзіўся ўцякаць з ім.

— Толькі,— кажа леў,— ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі.

. — Нічога, адарву.

Узяў Іван малаток, як стукнуў, і рассыпаўся ланцуг. Дванаццаць разоў стукнуў — дванаццаць ланцугоў рассыпалася. Сеў тады Іван на льва і памчаўся ў сваё царства. Сустракае па дарозе швагроў. Убачылі тыя, што Іван на льву едзе, пачалі яго маліць-прасіць:

— Аддай нам гэтага льва...

— Ого,— не згаджаецца Іван,— усё вам ды вам! Дайце ж і мне хоць каго прывесці да цесця. А то вунь жонка мяне лае: кажа, вы царства будзеце мець, а нам жабраваць давядзецца.

— Мы табе, Іване, што хочаш дамо, аддай толькі нам ільва.

I гэтак пачалі ўгаворваць, што Іван здаўся.

— Добра,— кажа,— але цяпер я з вас даражэй вазьму: выражце мне па палосцы скуры са спіны...

Швагры не сталі пярэчыць: «Дактары свае, лекі свае — залечым,— думаюць.— Затое цяпер ужо напэўна царства будзем мець. А тады і старога цара і дурня гэтага вытурым прэч!»

Узяў Іван дзве палоскі скуры, скруціў у трубачку ды паклаў у сваю каліту. Потым, як ад'ехаліся швагры з ільвом вярсты дзве, паклікаў гнедага каня, сеў і гайда дамоў.

Вярнуўся Іван дадому. Слугі царскія смяюцца з яго.

— Вось,— кажуць,— за тры дні па льва пехатою схадзіў. I куды дурню за разумнымі пяцца!

А жонка плача:

— Што ты сабе думаеш? З цябе людзі смяюцца.

— Няхай смяюцца: не ўсім жа плакаць!

— Нябось паплачаш, як бацька шваграм царства адпіша, а нам нічога не будзе.

— Ат, навошта нам тое царства! Дасць які кавалак зямлі, і хопіць з нас.

Жонка і супакоілася: не будзеш жа ўвесь час плакаць! Слёз не хопіць.

Прыводзяць швагры таго заморскага льва — з музыкай, з песнямі. З усяго царства пазбіраліся князі ды паны дзіва глядзець. А цар ад радасці такі баль наладзіў, што свет не бачыў.

Тры дні і тры ночы балявалі. А як скончыўся баль, паклікаў цар зяцёў. Прыйшлі да яго зяці з жонкамі і меншая царская дачка. Толькі Іван не пайшоў.

— А дзе ж твой дурань? — пытаецца цар у меншай дачкі.— Чаму ён не ідзе? Хоць бы паслухаў, як я царства дзяліць буду.

Пайшла яна па мужа:

— Іван, ідзі да бацькі, паслухай, як там і што.

— А чаго мне хадзіць?

— Пайдзі папрасі ў яго хоць кавалак зямлі.

Пайшоў Іван у царскі пакой, стаў ля парога і стаіць.

Цар кажа да старэйшых зяцёў:

— Вось, зяці мае любыя, аддаю я вам усё сваё царства, а сам застаюся ў вас на ласкавым хлебе.

— Дзякуем табе, татулька,— пакланіліся зяці.

— А мне што даеш, бацька? — пытаецца Іван з парога.

— Нічога табе не даю! На печы царства не зарабляюць.

Іван паглядзеў на швагроў і кажа:

— А яны што такога зрабілі, што ты ім царства аддаеш?

— Як што? — здзівіўся цар.— Яны мне заморскія дзівы дасталі.

— Дзе дасталі? У мяне выенчылі! Паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых нагах мезеныя пальцы.

— Ану, скідайце боты! — загадаў цар зяцям.

Зяці адразу скінулі — праўда: няма ў іх на правых нагах мезеных пальцаў!

Адкрыў Іван сваю каліту і дастаў адтуль пальцы.

— Вось яны! Гэта за свінку я ў іх узяў. А цяпер паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых руках мезеныя пальцы.

Паглядзеў цар — няма! А Іван з той жа каліты іх дастае:

— А гэта — за кабыліцу я ў іх узяў. Але ж яны цябе ашукалі: прывялі толькі дзевяць коней. А дзе ж яшчэ тры?

— Але,— пачухаў цар патыліцу,— ашукалі: не хапае трох коней...

Тут Іван выйшаў з палаца, крыкнуў поўным голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — і сталі перад ім тры залатагрывыя кані. Цар аж вочы вытрашчыў. А зяці як палатно збялелі.

— А цяпер,— кажа Іван,— паглядзі, бацька, на спіны сваіх зяцёў: ці цэлыя яны?

Паглядзеў цар: не хапае па палосцы скуры...

Іван выняў з каліты дзве палоскі, прыклаў да спін — іх скура!

— Гэта я ім за льва памятку зрабіў. Бачыць цар: усё праўда! Прагнаў ён сваіх зяцёў-ашуканцаў, а Івану ўсё царства аддаў.
 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

« Пред.   След. »
Архив - популярное
Значок файла Покатигорошек (187)
(Украинские сказки)

Значок файла Серко (186)
(Украинские сказки)

Значок файла Волшебное кольцо (182)
(Русские сказки)

Значок файла Царевна-лягушка (182)
(Русские сказки)

Значок файла Сказка про Ивана и чудесную книгу (179)
(Украинские сказки)

Значок файла Соломенный бычок (178)
(Украинские сказки)

Значок файла Хлебороб (178)
(Украинские сказки)

Значок файла Хромоножка-уточка (178)
(Украинские сказки)

Значок файла Сказка про Ивасика (175)
(Украинские сказки)

Значок файла Хитрая наука (171)
(Русские сказки)

Архив - последние добавления
Архив - последним скачали
 
© Детская библиотека, 2008-2011 Rambler's Top100 Rating All.BY Яндекс цитирования