| З рога ўсяго многа |
|
|
| Автор Administrator | |
| 04.11.2008 г. | |
|
Жылі сабе дзед ды баба. Бедна жылі. Вядома, старыя: ні рабіць, ні зарабіць не могуць. Толькі тое і мелі, што нажабруюць. Дачакаліся яны вясны. Людзі сеяць пачалі. Вось баба і кажа дзеду: — Хоць бы ты, дзеду, пасеяў трошкі проса. Я прыхавала гарчык на насенне. Мы тады кашы наварылі б, а то нажабраваныя сухары дужа цвёрдыя на нашы зубы. — Добра,— кажа дзед,— пасею. Ускапаў ён каля кустоў загончык ды пасеяў проса. Узышло проса, расце. Сонца яго грэе, дожджык палівае. Цешыцца дзед з проса, не нацешыцца. Вось так пайшоў ён аднойчы глядзець сваё проса. Бачыць: журавель шпацыруе па ім. — Акыш, каб цябе! — закрычаў дзед на жураўля.— Бач, дзе месца для пагулянак выбраў! Журавель падняўся і паляцеў. Паглядзеў дзед, аж усё яго проса здратавана — патаптана ды паламана... Зажурыўся дзед, прыйшоў дахаты і кажа бабе: — Добрае проса зарадзіла, ды адна бяда: унадзіўся ў яго журавель лятаць — усё чыста пабіў, паламаў сваімі доўгімі нагамі. I жаць не будзе чаго. Пабедавала баба, а потым кажа: — Ты ж, дзеду, быў некалі добрым стральцом. I стрэльба твая яшчэ на вышках валяецца. Вазьмі яе, пайдзі ды застрэль таго жураўля-нягодніка. Будзе ў нас хоць мяса замест кашы. Паслухаў дзед, дастаў з вышак стрэльбу, ачысціў яе ад пылу, набіў шротам і пайшоў на свой загон. Прыходзіць, глядзіць — журавель зноў у просе топчацца. Узлаваўся дзед, злажыўся і хацеў ужо бабахнуць па злодзею. А той падняў галаву ды загаварыў чалавечым голасам: — Чакай, дзядуля! Што гэта ты надумаўся рабіць? — Страляць цябе буду! — кажа дзед.— Ты ўсе маё проса вытаптаў сваімі доўгімі нагамі. Журавель кажа: — Не ведаў я, дзядуля, што гэта тваё проса: думаў — панскае. Даруй мне. — Добры інтарэс — дараваць! — кажа дзед.— Няма ў мяне больш нічога, толькі і меў надзею на гэтае проса. А цяпер давядзецца праз цябе з голаду паміраць. Выслухаў журавель дзеда. — Ну, калі ты такі бедны,— кажа,— дык пачакай трохі. Я прынясу табе падарунак за проса. Узмахнуў крыламі і паляцеў за кусты. Стаіць дзед з дубальтоўкаю і думае: «Відаць, ашукаў мяне журавель. Дарэмна не застрэліў яго. Што я цяпер бабе скажу?» Але толькі ён так падумаў, як бачыць: ляціць з-за кустоў журавель і ў дзюбе торбачку трымае. Прыляцеў, падаў дзеду торбачку. — На табе,— кажа,— дзядуля, за проса. Дзед коса паглядзеў на торбачку — звычайная зрэбная торбачка! Пакруціў ён галавою і кажа: — Навошта мне гэта торбачка? У мяне, братка, і сваіх хапае. Жабрак я. А ў жабрака, сам ведаеш, торбы — усё яго багацце. — Бяры, дзядуля: такой у цябе няма... Гэта цудоўная торбачка. Ты толькі палажы яе перад сабой і скажы: «Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення»,— дык адразу ўсё будзе. А як наясіся, скажы: «Торбачка, скаціся, скруціся, піценне, ядзенне, згарніся». I торбачка зноў стане такой, як была. — Дзякую, калі так,— сказаў дзед і пайшоў з торбачкаю дахаты. Рупіць дзеду даведацца, ці праўду журавель сказаў. Прысеў ён ля дарогі, палажыў торбачку на зямлю і прагаварыў: — Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення! I — дзіва! Тут такі багаты стол адкрыўся перад дзедам, што і ў паноў не ўбачыш: пірагі ды караваі, варанае ды смажанае, міска вяндліны ды розныя віны... — Малайчына журавель, не ашукаў! — зарадаваўся дзед. Наеўся, напіўся ён, потым загадаў торбачцы згарнуцца, запхнуў яе за пазуху ды вясёлы пайшоў далей. Прыходзіць дахаты: — Ці жыва ты, бабка, ці здарова? — А жыва, дзядулька! А ты як? Нешта ты надта доўга хадзіў. Я ўжо думала, цябе ваўкі з'елі ці мядзведзі задушылі, у мох завалаклі ды ламаччам закідалі. — Не, бабка, ваўкі не з'елі, мядзведзі не задушылі, прынёс я хлеба-солі, на ўсё наша жыццё будзе даволі. Садзіся, старая, за стол. Выняў дзед з-за пазухі торбачку, палажыў на стол і сказаў, што належыць. Баба аж вочы вытрашчыла: не толькі ўсяго на стале з'явілася, а нават і сама хатка пасвятлела... — Адкуль ты гэта ўзяў, стары? — Журавель той даў, што ты застрэліць загадала. — Ай-ай! — хапілася за галаву баба.— Навошта ж страляць такога слаўнага жураўля? Наелася баба, напілася і кажа дзеду: — Давай гасцей паклічам! — Якіх? — А ўсіх, у каго няма чаго есці. — Кліч,— згадзіўся дзед. Пайшла баба па сялу, паклікала ўсіх бедных. Спадабалася гасцям цудоўная торбачка. Кожны дзень цяпер пачалі хадзіць яны да дзеда і бабы частавацца. Праведаў пра цудоўную торбачку панскі аканом і расказаў пану. — Не можа гэтага быць, каб нейкі жабрак еў і піў лепш, чым я! — усхадзіўся зайздросны пан. Запрог ён коней у брычку, прыехаў да дзеда. — Ці праўда,— пытаецца,— што ў цябе ёсць такая торбачка, якая сама корміць? Дзед ілгаць не ўмеў і сказаў праўду. — Пакажы мне яе. Дзед палажыў торбачку на стол і загадаў ёй раскруціцца. Пан аж аслупянеў — такога піцення, ядзення і яго кухары не згатуюць! Прыстаў пан да дзеда: — Аддай мне гэтую торбачку! Навошта табе такія стравы далікатныя? А да мяне князі-паны ў госці ездзяць. Я іх частаваць буду. — Не,— кажа дзед,— не магу аддаць: хто ж тады мяне з бабаю карміць будзе? Пан кажа: — Я прышлю табе поўны воз простай яды — хлеба, бульбы, сала... Як прычапіўся пан да дзеда — рады няма. — Не аддасі па ахвоце,— грозіць ён,— забяру па няволі, ды яшчэ бізуноў дастанеш. З панам спрэчкі кароткія. Аддаў дзед яму торбачку. Вярнуўся пан у свой маёнтак, жыве сабе там, балюе, кожны дзень гасцей склікае,— торбачка верна служыць яму. А пра дзеда з бабай пан нават і не ўспамінае. Чакаў, чакаў дзед ад пана платы за торбачку, ды так і не дачакаўся. — Можа, ён забыўся пра ўгавор,— кажа баба.— Схадзі, дзядулька, напомні яму. Пайшоў дзед да пана, а той — дзе там! — і гаварыць не хоча. — Няма ў мяне для вас хлеба. Ідзіце жабруйце! — То аддай, пане, маю торбачку, калі так,— просіць дзед. — Ах ты, такі-сякі! — закрычаў пан,— Я табе дам торбачку! Гэй, гайдукі, усыпце гэтаму жабраку дваццаць пяць бізуноў, каб больш не хадзіў сюды! Схапілі гайдукі дзеда, збілі і выкінулі за вароты. Ачухаўся дзед, прыйшоў дахаты. Расказаў бабе, якую плату дастаў ад пана. Пабедавала баба, пакляла пана і кажа дзеду: — Схадзі ты, стары, пашукай таго добрага жураўля: ці не дасць ён табе другую такую торбачку? Сабраўся дзед і пайшоў на поле. Сеў у просе і сядзіць. Раптам бачыць — ляціць журавель. Дзед да яго: — Так і так, братка журавель: адабраў у мяне пан тваю цудоўную торбачку. Ды яшчэ нават бізунамі збілі мяне яго гайдукі. Як жыць мне з бабай? Ці не даў бы ты мне яшчэ адну такую торбачку? Падумаў журавель і кажа: — Не, не дам я табе другой торбачкі. Лепш дам табе рог. Паляцеў некуды за кусты, потым вярнуўся і прынёс у дзюбе срэбраны рог. — Вось,— кажа,— табе замест торбачкі. — А што рабіць з ім? — пытаецца збянтэжаны дзед. — Схадзі з гэтым рогам да пана і скажы: «З рога ўсяго многа!» А калі задаволіш пана, скажы: «Ох, усе ў рог!» Сказаў так журавель, узмахнуў крыламі і паляцеў. Пакруціў дзед у руках срэбраны рог, падумаў: «Мусіць, нешта мудронае даў мне журавель. Але каб праз гэты рог не зарабіць новых бізуноў...» Ідзе стары дахаты ды ўсё пра рог думае — схадзіць з ім да пана ці не? Сустракае па дарозе панскага аканома. — Дзе быў, дзед? — пытаецца аканом. — Хадзіў, панок, да знаёмага жураўля. — Што ён табе даў? — Срэбраны рог. — Пакажы. Дзед выняў з кішэні рог, паказаў аканому. — А што з ім рабіць? — зацікавіўся аканом. — Ды нічога,— адказвае дзед. — Як гэта нічога? Ты нешта хаваеш ад мяне. Можа, з яго золата сыплецца? — Можа, і сыплецца... Хто яго ведае. — Дык загадай, каб з яго золата пасыпалася,— прыстаў да дзеда аканом. — Ты можаш, панок, і сам загадаць. — Як? — Скажы: «З рога ўсяго многа!» — З рога ўсяго многа! — крыкнуў зайздрослівы на грошы аканом. Тут, адкуль ні вазьміся, выскачылі з рога дванаццаць хлапцоў-малайцоў з бізунамі ды давай лупцаваць аканома. Заенчыў аканом, запрасіўся: — Сунімі іх, дзед, а то заб'юць... А дзед аж заходзіцца ад смеху: — Не будзь такім цікаўным ды зайздросным. Не сунь носа ў чужое проса! Збілі хлапцы-малайцы аканома на горкі яблык. Тады дзед кажа: — Ох, усе ў рог! I ўсе хлапцы-малайцы тут жа зніклі ў розе. «О, цяпер я ведаю, для чаго мне добры журавель даў гэты рог!» — усміхнуўся сам сабе дзед ды падаўся ў маёнтак да пана. На стале дзедава торбачка ляжыць. — Што, дзед, скажаш? — пытаецца пан. — Прыйшоў, паночку, па торбачку... — Ха-ха-ха! — зарагатаў пан, узяўшыся ў бокі.— Бачылі вы гэтага старога дурня! Яшчэ бізуноў захацеў. Гэй, гайдукі, усыпце яму пры ўсіх маіх гасцях дваццаць пяць бізуноў! Схапілі гайдукі дзеда, павалілі на падлогу. А дзед тым часам выняў з кішэні срэбраны рог ды як крыкне: — З рога ўсяго многа! Выскачылі з рога дванаццаць хлапцоў-малайцоў з бізунамі ды давай хвастаць і гайдукоў, і пана, і яго гасцей. Найбольш пану трапляла, бо дзед стаяў збоку і камандаваў: — Па гайдуках — раз! па гасцях — два!! па пану — тры!!! Хлапцы-малайцы так і рабілі. Енчыў, енчыў пан, а потым бачыць — рады няма. — Вазьмі торбачку, дзед, толькі сунімі сваіх хлапцоў! — Так бы даўно гаварыў, пане,— усміхнуўся дзед.— Але цяпер адной чужой торбачкай не адкупішся. — А што яшчэ хочаш? Дам табе каня, карову... — Не, пане, і гэтага мала. — Ай-яй-яй!..— енчыць пан.— Кажы хутчэй, што ты яшчэ хочаш, а то засякуць насмерць мяне твае хлапцы. — Калі хочаш жывым застацца,— кажа дзед,— аддай маёнтак бедным людзям, а сам уцякай куды вочы глядзяць. — Ой, ай, як жа я застануся без маёнтка? Хто ж на мяне рабіць будзе, хто карміць будзе? — Не хочаш, як хочаш,— кажа дзед.— Гэй, хлапцы, сыпце ўсе бізуны пану! Хлапцы-малайцы перасталі біць гасцей і гайдукоў ды ўзяліся за пана. Круціўся, круціўся пан пад бізунамі, як уюн на гарачай патэльні, а потым такі не вытрымаў, нема закрычаў: — Аддам, аддам маёнтак! — Ну, добра. Толькі глядзі, без падману, бо маю на цябе лякарства,— смяецца дзед.— Ох, усе ў рог! Хлапцы-малайцы як вокам згледзець схаваліся ў рог. Дзед палажыў рог у кішэнь і кажа: — Заўтра прыйду праверу: калі не ўцячэш адсюль, зноў выпушчу на цябе сваіх памочнікаў. I пайшоў дзед вясёлы дахаты — з торбачкай і з рогам. А пан назаўтра яшчэ досвіткам пакінуў маёнтак: баяўся, каб дзед з сваімі малайцамі не вярнуўся. |
| « Пред. | След. » |
|---|







