| Іван Світаннік |
|
|
| Автор Administrator | |
| 04.11.2008 г. | |
|
Жылі муж і жонка. Доўга не было ў іх дзяцей, а потым, ужо на старасці год, адразу нарадзіліся тры сыны: адзін нарадзіўся ўвечары, другі — у поўнач, трэці — на світанні. I назвалі іх усіх Іванамі: старэйшага — Іван Вячорнік, сярэдняга — Іван Паўночнік, малодшага — Іван Світаннік. Раслі браты на лес гледзячы. I выраслі дужыя, статныя, толькі па натуры не роўныя: Вячорнік быў зайздросны, Паўночнік — злосны, а Світаннік — не злосны і не зайздросны, а самы смелы і самы добры. Здарылася ў цара той краіны бяда: прапалі тры яго дачкі. Усюды шукалі іх, а знайсці ніхто не мог. Пусціў цар погаласку: хто знойдзе яго дачок — палавіну царства яму аддасць і дачку, якая спадабаецца. Дачуліся пра гэта браты ды пачалі прасіцца ў бацькі, каб дазволіў ім ісці шукаць царскіх дачок. — Ідзіце,— кажа бацька,— шукайце, калі маеце ахвоту. Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве: Вячорнік заказаў булаву на шэсць пудоў, Паўночнік — на дзевяць, а Світаннік — на дванаццаць. Браты смяюцца з яго: — Навошта табе лішні цяжар цягаць? — Нічога,— адказвае меншы брат,— запас бяды не чыніць. Сабраліся яны і пайшлі. Як ісці ды ісці — зайшлі ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з каранямі выварочваюцца. Працерабілі дарогу і выйшлі на палянку. Бачаць — стаіць на палянцы вялікі дом, каменнаю сцяною абгароджаны. Падышлі да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Пастукалі браты ў вароты — ніхто не адчыняе. — Давядзецца, мабыць, булавою выбіваць іх,— кажа старэйшы брат. Размахнуўся ён, грукнуў булавою — толькі булава сагнулася, а вароты і з месца не скрануліся. — Давай хіба я выб'ю,— кажа сярэдні брат. Стукнуў ён сваёй булавою — вароты толькі ўвагнуліся. — Ну, цяпер я паспрабую,— кажа меншы брат. Размахнуўся ён ды як стукнуў з усяе сілы, дык вароты і разляцеліся на дзве палавіны. Старэйшыя браты губы прыкусілі, а меншы смяецца: — Не казаў я, што запас бяды не чыніць? Зайшлі на двор — нікога не відаць, а багацця скрозь, як у пана: у свірнах збожжа поўна, у хлявах — кароў і валоў. У Вячорніка аж вочы загарэліся. — Калі так,— кажа ён,— то мы тут будзем гаспадарамі. Навошта нам цяпер тыя царэўны? Зайшлі ў дом, пераначавалі. Назаўтра дамовіліся, што адзін застанецца абед варыць, а двое пойдуць на паляванне. Застаўся на першы дзень старэйшы брат. Зарэзаў ён вала, разабраў яго, палажыў у кацёл і пачаў варыць. Зварыў і лёг адпачываць, чакаючы братоў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! — Адчыні! — крычыць. Зірнуў Вячорнік праз акно, бачыць: стаіць ля дзвярэй сівенькі дзядок — сам з кокаць ', барада з локаць, вочы па яблыку; жалезнымі таўкачамі пастуквае, драцяною пугаю палясквае. — Хто ты такі? — пытаецца Вячорнік. — Гаспадар гэтага дома. Калі не адчыніш, дык я таўкачамі дзверы выб'ю! Напалохаўся Вячорнік, адчыніў. — Цяпер перанясі цераз парог! — загадаў дзядок. Вячорнік перанёс дзядка цераз парог. — Пасадзі на лаву! Вячорнік пасадзіў яго на лаву. — Падавай сюды кацёл з валом! Вячорнік гнецца: — Не магу: я на абед братоў чакаю. Дзядок заляскаў драцяною пугаю: — Як гэта не магу! Вы ў маім доме жывяце, маё дабро спажываеце, а мне есці шкадуеце! «Ну што ж,— думае Вячорнік,— няхай пасёрбае крыху поліўкі: колькі яму трэба!» Паставіў ён кацёл перад дзядком, а той як накінуўся на вала — усяго з'еў і ўсю поліўку выжлукціў. Наеўся, падужэў, а потым давай Вячорніка жалезнымі таўкачамі таўчы, драцяною пугаю хвастаць! Збіў на порхаўку, падкінуў пад лаву, а сам знік. Ачухаўся Вячорнік, дацягнуўся сяк-так да пасцелі і ляжыць — ледзь дыхае. Вярнуліся браты з палявання. — Давай абед,— кажуць. — Няма чаго...— стогне Вячорнік. — Чаму ж ты не наварыў? Брыдка Вячорніку прызнацца, што яго нейкі дзядок гэтак аддубасіў,— ён і кажа: — Ды нешта нездаровіцца мне... Рабіць няма чаго, узяліся меншыя браты абед варыць: зарэзалі вала, разабралі і зварылі. Самі наеліся і брата накармілі. Назаўтра застаўся дома сярэдні брат — Паўночнік. Зрабіў усё, што трэба, і лёг адпачываць. Раптам нехта стукае ў дзверы. — Хто там? — пытаецца Паўночнік. — Гаспадар. Адчыніў ён, бачыць: сівенькі дзядок паўзе — сам з кокаць, барада з локаць, вочы па яблыку; жалезнымі таўкачамі пастуквае, драцяною пугаю палясквае. — Перанясі цераз парог! — крычыць. Напужаўся і Паўночнік лупатага дзядка, перанёс цераз парог. — Пасадзі на лаву! Пасадзіў і на лаву. — Давай піць і есці! «Ну што ж,— думае Паўночнік,— няхай пасёрбае крыху поліўкі: колькі яму трэба!» Паставіў ён кацёл перад дзядком. Дзядок усё з'еў, Паўночніка на порхаўку збіў і пад лаву падкінуў. Вярнуліся браты з палявання, зноў няма чаго есці. А Паўночнік стогне: — Занядужаў я, браткі... Вячорнік маўчыць, а Світаннік кажа: — Што гэта за хвароба на вас напала? Калі так будзеце хварэць, дык мы тут з голаду паўміраем. На трэці дзень застаўся дома меншы брат — Іван Світаннік. Зрабіў ён усё, што трэба, лёг адпачываць, пакуль браты з палявання вернуцца. Раптам нехта стукае ў дзверы: — Адчыні! Не хацелася Світанніку ўставаць. — Дзверы не замкнуты,— адказвае ён,— сам адчыніш! Мусіў дзядок адчыніць сам. Як убачыў яго Світаннік, дык аж зайшоўся ад смеху. — Колькі,— кажа,— на свеце жыву, а такога смешнага дзядка не бачыў! Узлаваўся дзядок ды як кінецца на Світанніка з таўкачамі! — Ах, дык ты так! — здзівіўся Світаннік.— Не на таго ж напаў! Схапіў ён булаву і давай дзядка дубасіць. Збіў яго, таўкачы з пугаю адабраў, самога зацягнуў у лес, расшчапіў там пень, бараду ў расшчэп засадзіў, клінам заклінаваў і пайшоў назад. Вярнуліся браты з палявання. — Ну што, зварыў абед? — Зварыў,— адказвае Світаннік. Паставіў ён кацёл на стол. Наеліся браты ды пытаюцца: — А не прыходзіў да цябе лупаты дзядок? — Прыходзіў. — Ну і што? — Нічога. Я яго бараду ў пень зашчаміў, каб больш сюды не хадзіў. — Не можа быць! — дзівяцца браты. — Хадзем пакажу. Падышлі да пня, а там адна барада тарчыць... — Вось чорт лупаты, вырваўся! — кажа Світаннік.— Трэба яго знайсці, а то ён зноў будзе цягацца да нас. Пайшлі шукаць. Ішлі, ішлі па следзе і прыйшлі да вялікага каменя. Адвярнулі камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць. — Трэба яго адтуль выбавіць ды дабіць,— кажа старэйшы брат.— А то нам у гэтым доме жыцця не будзе. — Але,— згадзіўся і сярэдні брат, успамінаючы, як збіў яго дзядок таўкачамі. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых скур, прычапілі да яго кош і пачалі раіцца, каму ў нару спускацца. Старэйшы кажа: — Мне нешта нездаровіцца, не палезу... Сярэдні таксама адмаўляецца. — Ну, дык я палезу, калі вы такія хворыя,— кажа меншы брат.— Спускайце мяне, ды глядзіце: як таргану за пасак — назад цягніце. Спусцілі яго браты ўніз, і апынуўся Іван Світаннік пад зямлёю. «Дзе ж тут таго чорта шукаць?» — думае ён. Азірнуўся, бачыць — стаіць недалёка медны палац. Зайшоў Іван у палац, а там сядзіць дзяўчына — змучаная ды засмучаная, слязьмі заліваецца. Шкада стала Івану дзяўчыны. — Чаго ты, сястрыца, плачаш? — пытаецца ён. — Як жа мне не плакаць: была я царская дачка, а цяпер стала нявольніцай злога Кашчэя... Пачаў Іван Світаннік суцяшаць царэўну: — Пацярпі яшчэ трошкі, я цябе вызвалю! — Ох,— уздыхае царэўна,— ніхто мяне не вызваліць: злы Кашчэй любому асілку дасць рады. Уцякай, хлопча, бо хутка ён дамоў вернецца. — Нікуды я не пайду, пакуль злога Кашчэя са свету не звяду! Дзе ён? — Хто яго ведае: можа, у сярэбраным палацы, можа, у залатым, а можа, дзе па свеце лятае. — А дзе твае сёстры? — Сярэдняя жыве недалёка — у сярэбраным палацы, а меншая крыху далей — у залатым. Пайшоў Іван да сярэдняй сястры, у сярэбраны палац,— няма і там Кашчэя: адна царэўна сядзіць, слязьмі заліваецца. Пагаварыў ён з царэўнай, суцешыў як мог ды пайшоў да малодшай сястры — у залаты палац. Агледзеў палац — нікога няма. Аж раптам бачыць — сядзіць у пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. — Была царская дачка, а цяпер нявольніца паганага Кашчэя. А ты хто? — Сялянскі сын Іван Світаннік. — Чаго ж ты прыйшоў сюды, сялянскі сын Іван Світаннік? — Прыйшоў Кашчэя забіць і цябе з няволі вызваліць. Царэўна цяжка ўздыхнула: — Ох, добры малойча, ніхто не можа Кашчэя забіць, бо ён бессмяротны. Вось каб яго смерць знайсці, тады б ён і сам здох. — А дзе ж яго смерць? — Чула я,— кажа царэўна,— што ёсць на дне мора скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка — то гэта яго смерць. Дзякуй, родная! — кажа Іван.— Чакай мяне тут: пайду шукаць Кашчэеву смерць. Выбраў ён сабе ў палацы самы лепшы Кашчэеў лук і пайшоў. Ішоў, ішоў, захацелася яму есці. Бачыць — ляціць каршун. «Заб'ю, — думае,— каршуна, калі нічога лепшага не трапілася». Нацэліўся на каршуна, а той кажа яму чалавечым голасам: — Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся. Апусціў Іван лук, пайшоў далей. А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. «Ну,— думае,— цяпер хто б ні трапіўся — заб'ю». Толькі ён так падумаў, бачыць — бяжыць воўк. Падняў Іван лук, а воўк кажа: — Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся. Пайшоў Іван далей. Прыходзіць да мора. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Але толькі ён нагнуўся да рака, каб клюшню адарваць, як той пачаў прасіцца: — Не чапай мяне, Іван Світаннік. Бачыш, як я пакутую: адна палавіна на беразе ляжыць, другая — у моры плавае. Вазьмі лепш кол ды спіхні мяне ў мора. Я табе за гэта што хочаш зраблю. Паслухаў Іван, знайшоў кол ды спіхнуў рака ў мора. Глынуў рак вады, акрыяў і кажа Івану: — А цяпер, добры хлапчына, кажы, што табе трэба. Я ўсё зраблю. Іван кажа: — Ёсць у моры скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка — гэта смерць злога Кашчэя. Яна мне і патрэбна. — Чакай тут, я табе дастану тую скрыню,— адказаў рак і нырнуў на дно мора. Знайшоў там скрыню і выкінуў на бераг. Узяў Іван скрыню, разбіў замкі. I толькі адчыніў века, як выскачыў адтуль заяц ды памчаўся па беразе мора... Іван за галаву схапіўся: — Што ж я нарабіў? Вось каб цяпер таго ваўка сюды! Толькі ён так сказаў, як бачыць — імчыцца воўк. Злавіў воўк зайца і разарваў яго на кавалкі. Выскачыла з зайца качка ды паляцела на мора. Зноў зажурыўся Іван: — Вось каб цяпер той каршун тут быў, ён бы качку злавіў. Не паспеў ён так сказаць, як бачыць: ні адсюль ні адтуль каршун над морам. Схапіў ён качку, прынёс на бераг і разарваў на кавалкі. Выпала з качкі яйка. Узяў Іван яйка, палажыў у кішэнь ды пайшоў назад. Прыходзіць ён у залаты палац. Глядзіць, аж тут сядзіць знаёмы сівы дзядок — сам з локаць, вочы па яблыку, але без барады. Як убачыў ён Івана, аж закалаціўся ад злосці: — Вось каго я даўно чакаю! Праз цябе я без барады застаўся. Ну, цяпер ты ад мяне не выкруцішся! Бо хоць ты і дужы, але ж на гэтым свеце няма дужэйшага за мяне. Схапіў лупаты Кашчэй свае жалезныя таўкачы ды рынуўся на Івана. А той — бух яму яйка ў лоб! У Кашчэя таўкачы так і вываліліся з рук. Упаў ён — і паганы дух з яго вон... Спаліў Іван злога Кашчэя так, каб касціна да касціны, сустаў да сустава не сышліся, а попел па ветры развеяў. I пайшоў да царэўны. — Дзякую табе,— кажа ёй,— што ты памагла мне гэтую нячыстую сілу са свету звесці. За гэта я цябе да бацькі, да маткі завяду. Абняла царэўна Івана, пацалавала: — А я за гэта за цябе замуж пайду. Ні за кога не пайду, толькі за цябе. — Ну, глядзі ж, каб слова стрымала! Сабраліся яны і пайшлі. Адышліся крыху, Іван адвярнуўся назад, паглядзеў на палац: — Эх, шкада гэтулькі золата пакідаць: дома б яно нам спатрэбілася. Царэўна выняла хустачку, дае яму. — Махні,— кажа,— гэтаю хустачкаю тры разы злева направа. Махнуў Іван хустачкай, і палац як бачыш увесь у залатое яйка згарнуўся. ' Дзівіцца Іван, а царэўна кажа: — Калі захочаш зноў мець такі палац, махнеш гэтай хустачкаю тры разы справа налева... Палажыў Іван хустачку і яйка ў кішэнь, ды пайшлі яны далей — да сярэбранага палаца. Забралі сярэднюю царскую дачку. Іван і яе палац палажыў у кішэнь. Дайшлі да меднага палаца — забралі старэйшую дачку, а Іван і медны палац палажыў сабе ў кішэнь. «Запас бяды не чыніць!» — думае. Падышлі да нары, праз якую Іван у Кашчэева царства спускаўся. Пасадзіў ён старэйшую царэўну ў кош і таргануў за пасак — кош і паехаў угору. — Малайцы мае браты,— радуецца Іван,— чакаюць там мяне! Паднялі яны гэтак і яшчэ дзвюх сясцёр. Дайшла чарга да Івана Світанніка. Зайздросны Вячорнік кажа брату: — Навошта нам Світаннік? Цар як даведаецца, што ён яго дачок вызваліў, дык аддасць яму палавіну царства і самую прыгажэйшую дачку за жонку. А нам што застанецца? А так скажам, што гэта я яго дачок вызваліў, а ты памагаў. Ну, а з табою я падзялюся па-брацку. Дамовіліся так ды і пакінулі меншага брата пад зямлёю. Чакаў, чакаў Іван Світаннік каша, ды так і не дачакаўся. «Вось табе і браты! — думае Іван.— Здраднікі, а не браты!» Пабедаваў ён ды пайшоў блукаць па падземным царстве. Ідзе ды ідзе, а тут раптам такая навальніца ўсхадзілася, ратунку няма! Схаваўся ён пад дуб. Стаіць там, аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты: дождж з градам так і смаліць па іх! Шкада стала Івану птушанят. Палез ён на дуб і накрыў сваёю світкаю. Толькі сабраўся назад злазіць, як чуе — нешта шугае ўгары, аж вецер на сем вёрст свішча. Прыляцела да гнязда светлазорая птушка Нагай, убачыла, што Іван яе гняздо світкаю ад граду закрыў, і кажа яму: Не ведаю, добры чалавек, чым мне і аддзякаваць табе за тое, што ты дзяцей маіх ад смерці выратаваў. — Вынесі мяне на нашу зямлю,— просіцца Іван. — З ахвотаю вынесу. Толькі дастань мне бочку валовага мяса і бочку крынічнай вады. Давядзецца мне, бачыш, часта перакусваць дарогаю, бо ты цяжкі. — Дзе ж мне дастаць усё гэта? — Ідзі за вогненную раку. Там жыве сляпы дзед. У яго шмат валоў. Пайшоў Іван да сляпога дзеда. Дзед кажа: — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка за імі бегаць. Згадзіўся Іван і застаўся ў сляпога дзеда за пастуха. — Усюды пасі іх,— кажа дзед,— толькі на луг старой ведзьмы Бабы Ягі не гані, бо яна цябе загубіць. Я аднаго разу пагнаў валоў на яе луг, дык яна за гэта вочы мне выкалала. Трыццаць гадоў я свету не бачу. — Нічога,— кажа Іван,— справімся як-небудзь і з ведзьмаю. Звіў ён сабе драцяную пугу, узяў булаву і пагнаў дзедавых валоў на ведзымін луг. Толькі прыгнаў, як бачыць: ляціць Баба Яга ў ступе, таўкачом паганяе, мятлою след замятае. — Хто табе дазволіў,— крычыць Баба Яга,— валоў на маім лузе пасвіць? Вось я табе зараз вочы выкалю, каб ты ні лугу майго, ні белага свету больш не бачыў! Замахнулася ведзьма жалезным таўкачом і рынулася на Івана. А Іван як аперазаў яе драцяною пугаю, як смальнуў булавою, дык у ведзьмы вочы на лоб палезлі. Біў, біў, пакуль яна прасіцца не пачала. — Вярні,— кажа Іван,— дзеду вочы, тады пушчу цябе. — Вярну, толькі пусці жывую. У маёй хатцы на паліцы стаяць дзве пляшачкі з гаючаю і жывучаю вадою. Ты вазьмі іх, памаж дзеду вочы — ён і стане бачыць. — Не,— кажа Іван,— не паверу табе: ты падманеш. Хадзем разам. Узялі яны тыя пляшачкі ды пайшлі да дзеда. Памазаў Іван дзеду вочы гаючаю вадою — у дзеда выраслі новыя вочы; памазаў жывучаю — сталі бачыць. Дзед так зарадаваўся, што не ведае, як і дзякаваць Івану. — Бяры,— кажа,— хоць палавіну маіх валоў ды ідзі куды табе трэба. Я ўжо сам буду пасвіць. — А калі зноў табе ведзьма вочы выкале? Дзед напалохаўся: — Можа выкалаць: яна баба нягодная! Гэта ж жонка самога Кашчэя! — Ах, так! — кажа Іван.— То я ёй зраблю тое, што і Кашчэю. Дабіў ён Бабу Ягу, спаліў яе і попел па ветры развеяў. Потым забіў двух валоў, наклаў бочку мяса, наліў у другую бочку крынічнай вады ды пайшоў да птушкі Нагай. — Падвязвай,— кажа птушка,— бочку з мясам мне пад правае крыло, з вадою — пад левае. Сам садзіся на спіну ды глядзі: як толькі я павярну галаву направа — кідай мне кавалак мяса, а як павярну налева — давай коўш вады. Зрабіў Іван усё, як птушка сказала, сеў і паляцеў. Імчыць Івана птушка Нагай уверх па цёмнай нары, а ён толькі спраўляецца свежай гавядзінай яе карміць, крынічнаю вадою паіць. Кідаў так, кідаў ёй мяса і ўсё выкідаў. Паварочвае птушка галаву направа, а Іван замест мяса ёй коўш вады. «Не,— круціць яна галавою,— не хачу вады: давай мяса!» Бачыць Іван — задыхаецца птушка Нагай, а ўжо і да верху недалёка: нават неба свіціцца. «Што ж рабіць?» — думае Іван. Узяў ён нож, выразаў кавалак мякаці з сваёй правай нагі і кінуў птушцы. Праглынула птушка, толькі здзіўлена на Івана паглядзела. Потым павярнула галаву налева і запіла крынічнаю вадою. Праляцела так крыху ды зноў задыхацца пачала. Іван, доўга не думаючы, выразаў кавалак мякаці з левай нагі. Запіла птушка вадою і вылецела на белы свет. — Ну, дабраліся сяк-так,— кажа птушка Нагай.— Злазь на зямлю. — Не магу,— адказвае Іван. — Чаму? — Ды, бачыш, ногі ў мяне якія... Паглядзела птушка Нагай — і праўда: ногі Іванавы параненыя... — Я-то гляджу,— кажа яна,— што апошнія кавалкі не такія былі. Ну, добра, цяпер ужо яны мне не патрэбны. Кашлянула птушка адзін раз — выплюнула адзін кавалак, кашлянула другі раз — выплюнула і другі. Узяў іх Іван, прыставіў на месца, папырскаў гаючаю вадою — яны прыраслі; папырскаў жывучаю — зноў сталі такімі, як былі. Падзякаваў ён добрай птушцы ды рушыў у дарогу. Дайшоў да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач. Раніцай пасылае Іван бабулю ў горад даведацца, ці не чуваць там якіх навін. Пайшла бабуля ў царскую сталіцу, усё разведала, вярнулася і расказвае: — Добрыя навіны ў горадзе: знайшліся царскія дочкі. Там цяпер на ўсіх вуліцах музыкі іграюць, скамарохі песні спяваюць. — Хто ж знайшоў царскіх дачок? — пытаецца Іван. — Асілак Іван Вячорнік. Цар аддае яму за гэта паўцарства і малодшую дачку. Праз тры дні і вяселле будзе. Зажурыўся Іван Світаннік: няўжо, думае, царэўна пра яго забылася? Назаўтра зноў пасылае бабулю ў горад навіны паслухаць. Вярнулася яна і расказвае: — Чула, хлопча, новыя навіны: вяселле будзе тады, калі знойдзецца чалавек, што зможа пашыць такія чаравікі, якія царэўна ў Кашчэевым царстве насіла. Так захацела сама царэўна. Пачуў Іван гэта, пачаў прасіць бабулю: — Схадзі, бабка, да цара, скажы, што ты можаш пашыць такія чаравікі. Бабуля замахала рукамі: — Што ты, хлопча, выдумаў? Дзе мне пашыць такія чаравікі! — Ты, бабка, толькі заказ вазьмі, а я сам іх пашыю. Пайшла бабуля да цара. — Я,— кажа,— бяруся пашыць царэўне чаравікі. — Добра,— згадзіўся цар.— Калі пашыеш і дачцэ спадабаюцца, дык я цябе азалачу. Даў ёй цар задатку сто рублёў і сказаў, каб за тры дні работа была зроблена. Прыносіць бабуля Івану заказ на чаравікі і задатак: — Толькі глядзі, каб не падвёў мяне! — Не падвяду, бабка, не бойся. Мінуў першы дзень — шавец не думае брацца за работу. Другі дзень — таксама нічога не робіць. Бабуля ледзь не плача: — Што ты сабе думаеш, хлопча? Чаму чаравікаў не шыеш? Што я цару скажу? — Не турбуйся, бабка. Заўтра не паспее і сонца ўзысці, як чаравікі будуць гатовы — уставай і нясі! Увечары выйшаў Іван у поле, палажыў залатое яйка на зямлю, махнуў тры разы хуо тачкаю справа налева, і стаў залаты палац. Увайшоў ён у палац, знайшоў там царэўніны чаравікі, потым махнуў тры разы хустачкаю злева направа: палац зноў згарнуўся ў яйка. Прынёс Іван чаравікі ды паставіў на стол. Прачнулася бабуля, глядзіць — на стале чаравікі стаяць. Яна за іх і да цара. Пазнала царэўна свае чаравікі, зарадавалася. Хто іх пашыў? — пытаецца ў бабулі.— Гэта не ты шыла! Спужалася бабуля і кажа: — Пашыў іх адзін малады шавец... — Я хачу бачыць таго шаўца! — пажадала царэўна. Цару, вядома, не доўга: паслаў карэту і прывёз у палац маладога шаўца. Як убачыла царэўна Івана Світанніка, дык і кінулася да яго. Вось хто,— кажа,— мяне і сясцёр з няволі вызваліў! За яго я і замуж пайду. Тут цар адпісаў Івану палавіну царства і загадаў гуляць вяселле. Усіх паклікаў Іван на сваё вяселле: бацькоў, сваякоў, старую бабулю, а большых братоў не запрасіў... I я там быў, мёд, віно піў, па вусах цякло, але ў роце не было. Далі мне там сіні каптан. Бягу я з радасці дадому, а нейкі дурань крычыць: «Сінь каптан! Сінь каптан!» Мне здалося: «Скінь каптан! Скінь каптан!» Я ўзяў ды і скінуў. Прыбег дадому ды белы свой надзеў. Так у ім і цяпер хаджу. |
| « Пред. | След. » |
|---|







