| Казка пра быка i яго сяброў |
|
|
| Автор Administrator | |
| 03.11.2008 г. | |
|
Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць. «Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!» — парашыў бык. Задраў хвост і пабег. Сустрэўся яму па дарозе казёл: — Бык, куды бяжыш? — На край свету. — Чаго? — У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць. — Пабягу і я з табою. — Бяжы. Бягуць яны, а насустрач ім парсюк: — Куды бежыце? — На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць. — I я з вамі пабягу. — Бяжы. Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак: — Куды бежыце? — На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць. — I я з вамі пабягу. — Бяжы. Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень: — Куды бежыце? — На край свету: у нас зямля і вада гараць... — I я з вамі пабягу. — Бяжы. Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць. Бык кажа: — Ну, хопіць бегчы: зімою зямля не загарыцца. Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць. Парсюк кажа: — Мне хаты не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе! Казёл кажа: — А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся. — А ты, гусак? — пытаецца бык. — У мяне пер'е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды так перазімую. — А ты, певень? — А мне што, я і пад ялінкаю перазімую. Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплую хату і жыве сабе ў ёй без бяды. Насталі маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка: — Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі… — Не,— кажа бык,— не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла будзе! — Калі не пусціш,— кажа парсюк,— дык я падкапаю лычам падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць. Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату. — Ну, добра,— кажа,— ідзі: удвух весялей будзе. На другі дзень прыходзіць казёл: — Пусці, бык, у хату. — Навошта табе хата: ты ў дупле перазімуеш! — Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб'ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе. Што рабіць быку — пусціў казла. — Добра,— кажа,— хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца. На трэці дзень прыходзіць гусак: — Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца! — Не пушчу! — Чаму? — У цябе пер'е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды і так перазімуеш. — Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе. Спужаўся бык — пусціў і гусака. На чацвёрты дзень прыходзіць певень: — Пусці, бык, у хату! — А хіба табе пад ялінкаю не цёпла? — засмяяўся бык.— Не пушчу! У мяне цесна. — А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і ўвесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, і ты замерзнеш. Спужаўся бык — пусціў і пеўня. Жывуць яны ў хаце ўпяцёх. Ідзе мядзведзь. Убачыў хату. — Хто тут жыве? — пытаецца. — Бык, казёл, парсюк, гусак і певень,— адказваюць з хаты. — Пусціце і мяне пагрэцца. — Не, не пусцім! Ты нам не кампанія. Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату. Тут бык выставіў рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці... А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Куды-куды!» Ледзьве жывы выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь. Ідзе ён па лесе, сустракае ваўка. — Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк.— Чаму ты такі хмуры? — Ой,— кажа мядзведзь не сваім голасам,— трапіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты спіцаю ў нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды ўсё крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б гэты пяты зрабіў са мною... З таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату не заглядвалі. |
| « Пред. | След. » |
|---|







