| Не сіла, а смеласць |
|
|
| Автор Administrator | |
| 03.11.2008 г. | |
|
Жыла ў адной вёсцы дзяўчына Марыля. Маленькая ўдалася ростам, дык усе яе не Марыляй звалі, а Марылькай. I сілу яна мела, як у таго камара. Жартуюць з яе сяброўкі. «На цябе,— кажуць,— хлопец як дзьмухне, дык ты і паляціш, як пух!» Ды затое была Марылька смелая, што і хлопец другі не дакажа. Бывала, убачыць, што большы крыўдзіць меншага,— як ястраб налятае на крыўдзіцеля, і той адступае перад ёю. Пачалі аднаго разу сяброўкі жартаваць з Марылькі: — Ды ты не такая і смелая, як думаеш. Схадзі вось уночы на могілкі, тады паверым. — I схаджу! — адказвае Марылька. — Нябось убачыш там пень, дык душа ў пяткі схаваецца... — А вось жа, на злосць вам, пайду! — кажа Марылька. Настала ноч. Марылька пакінула сябровак на вуліцы, а сама пабегла на могілкі. Бяжыць і не азіраецца. Каля могілак супынілася ды пайшла ціха. А каб не было страшна, заспявала песню. Ходзіць так па могілках ды спявае — няхай чуюць сяброўкі, што яна тут! Здарылася якраз, што ў тую ноч зладзеі абакралі аднаго багатага гаспадара і везлі яго дабро каля могілак у свой лес. Пачулі яны песню, напужаліся, кінулі воз ды пабеглі хавацца, хто куды. Падышла Марылька да воза, паклікала — ніхто не адгукаецца. Агледзела воз, а там усялякага дабра поўна. Здагадалася яна, што гэта зладзейская работа, бо ад зладзеяў у іх аколіцы шмат хто бяду меў. Ніхто не ведаў, адкуль яны прыходзяць і куды крадзенае возяць. Села Марылька на воз ды пагнала каня ў вёску. Убачылі зладзеі, што тут усяго толькі адна малая дзяўчынка, кінуліся за ёю, але так і не дагналі. Вярнула смелая Марылька гаспадару каня і ўсё дабро. Зарадаваўся гаспадар і даў ён за гэта вялікія грошы. Купіла яна сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй. А зладзеі ніяк не могуць сабе дараваць, што такая малая дзяўчынка паразганяла іх, як зайцоў. Ды і накрадзенага дабра шкада ім. Вось і надумаліся яны завабіць смялячку ў свой лес і адпомсціць ёй. Прыехаў да Марылькі праз колькі дзён адзін з тых зладзеяў у сваты. Марылька кажа яму: — Ты чалавек мне незнаёмы, я раней хачу паглядзець, дзе ты жывеш і як жывеш. Злодзей, вядома, і рад: сама трапіць у іх рукі! Расказаў ён ёй, дзе яго шукаць, і паехаў. Сабралася Марылька ў розведы да жаніха. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не зробіш з упартаю дачкою! Запрэгла яна сваю кабылку, села і паехала. Даехала да лесу, бачыць — збоку паваротка, а каля яе на кусце заламана галінка. Яна і завярнула на гэтую паваротку. Праехала крыху, а там новая паваротка і зноў галінка заламана. Ехала яна, ехала, даехала да нейкага балотца. А за ім пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць. I ніякай дарожкі нідзе няма. Прывязала яна да бярэзіны кабылку, а сама пайшла ў гушчар. Пралезла неяк і ўбачыла прасвет, а на ім хатку. Падкралася да хаткі, глядзіць праз акенца, аж там зладзеі дзеляць накрадзенае дабро. Лаюцца, крычаць, ледзь не з нажамі адзін на аднаго кідаюцца. Прыгледзелася Марылька і пазнала сярод іх таго, хто да яе ў сваты прыязджаў... Стаіць ён, размахвае вялізным нажом, разнімае другіх. «Відаць, гэта сам атаман разбойнікаў»,— думае Марылька. Завярнулася яна ды пайшла хутчэй да кабылкі. Плішчылася яна, плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала і заблудзілася. Туды-сюды кідаецца — няма кабылкі! Раптам перагарадзілі ёй дарогу два ваўкі... Стаяць ды зубамі ляскаюць. «Ну,— думае Марылька,— з'елі яны маю кабылку». Узяла яе злосць на ваўкоў, схапіла яна патарчаку і з крыкам кінулася на іх. Спалохаліся ваўкі смелай дзяўчыны, падцялі хвасты ды падаліся ў гушчар. Прабіраецца Марылька далей. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі, толькі пугач крычыць сваё «пу-гу!» ды сава падлятае да яе на сваіх мяккіх крылах, чуць не на галаву садзіцца. А як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Выбралася гэтак Марылька на нейкую дарожку, бачыць — едзе на яе кабылцы якісьці чалавек. Прыгледзелася, аж гэта іх сусед, стары Ахрэм. Хадзіў ён па лесе з сякераю, шукаў якой патрэбнай дзеравякі ды натрапіў на прывязаную кабылку. Пагукаў — няма гаспадара. «Мабыць, яе зладзеі ўкралі ды схавалі тут»,— падумаў Ахрэм. Адвязаў ён кабылку, сеў у драбінкі ды і падаўся дахаты. Пачуў Ахрэм голас, азірнуўся: гоніцца за ім нейкая не то русалка, не то ведзьма: косы распушчаны, адзенне на кавалкі пашматана... Давай ён кабылку паганяць, ад бяды ўцякаць. А русалка ўсё бяжыць за ім і нават па імені кліча... Бачыць Ахрэм, што не ўцячы яму на кабылцы ад гэтай мары. Саскочыў ён з воза, схапіў сваю сякеру ды так паджгаў, што толькі пяты замільгалі. Прыехала Марылька дахаты і расказала ўсім, дзе зладзеі жывуць. Сабраліся хлопцы, зрабілі ў лесе аблаву і палавілі іх. Зажылі з таго часу людзі ў той аколіцы ціха ды мірна. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. |
| « Пред. | След. » |
|---|







