| Прагны багацей |
|
|
| Автор Administrator | |
| 03.11.2008 г. | |
|
Жылі два браты: багаты і бедны. Багаты сам нічога не рабіў, бо меў шмат парабкаў. А бедны лавіў вудаю ў возеры рыбу — з гэтага і жыў. Аднаго разу багаты спраўляў вяселле — жаніў сына. Шмат сабралася ў яго гасцей. «Пайду і я да брата ў госці»,— думае бедны. Пазычыў ён у суседзяў каравай хлеба і пайшоў на вяселле. Прыйшоў і стаіць у парозе з хлебам. Убачыў яго багаты брат: — Ты чаго прывалокся? У мяне тут госці не табою будучы! Вон, каб я цябе і не бачыў! I прагнаў яго. Крыўдна стала беднаму брату. Узяў ён вуду і пайшоў рыбу лавіць. Сеў у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Вудзіў, вудзіў — усё дробная рыбка трапляецца. А тут і сонца заходзіць. «Ну,— думае бедны рыбак,— закіну яшчэ раз, на шчасце». Закінуў вуду і выцягнуў такую рыбіну, якой і зроду не бачыў: вялікая ды серабрыстая. Пацешыўся ён з дзіўнай рыбіны і пачаў яе ў торбу запіхваць. А тая раптам і кажа яму чалавечым голасам: — Не губі мяне, добры чалавек, пусці назад у возера. Успомніў рыбак сваіх дзяцей і кажа: — Не магу я цябе пусціць — я сам галодны і дзеці даўно есці хочуць. З чым я дамоў вярнуся? — Калі ты такі бедны,— кажа рыбіна,— дык засунь руку мне ў рот і дастань адтуль залаты пярсцёнак. Рыбак падумаў і кажа: — Баюся, ты мне яшчэ руку адкусіш. — Не бойся, не адкушу! Пасмялеў рыбак, засунуў руку рыбіне ў рот і дастаў адтуль залаты пярсцёнак. — Што я з ім рабіць буду? — пытаецца рыбак.— Ён жа мяне не накорміць. — Нічога,— адказвае дзіўная рыбіна,— яшчэ як накорміць. Выкідай сваю дробную рыбку з чоўна і ўкінь туды гэты пярсцёнак. Рыбак так і зрабіў. I як толькі кінуў пярсцёнак на дно чоўна, дык там адразу цэлая куча грошай стала. Пусціў рыбак рыбіну ў возера, а сам хутчэй да берега паплыў. Скінуў на беразе кашулю, сабраў у яе грошы і пайшоў дадому. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба, Пабудаваў новую хату і паклікаў гасцей на ўваходзіны. А брата не пазваў: не мог дараваць яму крыўды. Дачуўся багаты, што яго бедны брат новую хату паставіў і з гасцямі балюе. Кажа ён сыну: — Схадзі паглядзі, што ў яго там робіцца. Прыйшоў сын, паглядзеў ды бягом назад. — Ой,— кажа бацьку,— у цябе таго няма, што ў твайго брата — і хата новая, і жывёлы поўна, і на стале ўсяго хапае. Багаты аж пачарнеў ад зайздрасці. Пасылае ён зноў сына, каб паклікаў беднага брата. Прыйшоў бедны брат да багатага. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага.— Ты, кажуць, жывеш цяпер лепш за мяне. Бядняк ілгаць не ўмеў — усё і расказаў, як было. Як пачуў гэта багаты, дык так і засвярбелі ў яго рукі. «Пайду,— думае,— і я злаўлю тую рыбіну». Узяў ён добрую вуду, сеў у новы човен і паехаў на сярэдзіну возера. Лавіў, лавіў і вывудзіў-такі дзіўную рыбіну. — Не губі мяне,— просіцца рыбіна,— пусці назад: у мяне там дзеці малыя... — Не, галубка,— захадзіўся багаты,— не пушчу! Дай мне такі ж пярсцёнак, які дала майму брату. — Дык брат жа твой бедны быў, ён і хлеба не меў... А табе навошта? — Як гэта навошта? Не хачу, каб брат багацейшы быў за мяне! Давай пярсцёнак — і канец! А не, дык занясу цябе дамоў і засмажу... — Ну, што ж,— кажа рыбіна.— Бяры, калі ты такі зайздросны. Мне не шкада. Разявіла яна рот. Прагны багацей засунуў ёй у рот руку па самы локаць. Тут рыбіна як глымане зубамі — адкусіла руку і нырнула з ёю на дно возера. Вярнуўся багаты брат дамоў і без грошай, і без рукі. Так яму і трэба. |
| « Пред. | След. » |
|---|







